Агульныя звесткі аб сістэме ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь
Сістэму ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь характарызуюць:
- цэнтралізаваная дзяржаўная палітыка (яе асновы вызначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, ён жа прымае найбольш важныя рашэнні, напрыклад: аб размяшчэнні, праектаванні, будаўніцтве, уводзе ў эксплуатацыю, прадаўжэнні тэрміну эксплуатацыі, абмежаванні эксплуатацыйных характарыстык і вывадзе з эксплуатацыі атамнай электрастанцыі ці яе блока; аб рэспубліканскім органе дзяржаўнага кіравання або іншай дзяржаўнай арганізацыі, у юрысдыкцыі якіх знаходзіцца атамная электрастанцыя і інш.);
- безумоўнае выкананне патрабаванняў МАГАТЭ па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі;
- ліцэнзаванне дзейнасці, звязанай з выкарыстаннем атамнай энергіі і абаротам крыніц іанізуючага выпраменьвання;
- строгі кантроль і ўлік ядзерных матэрыялаў і крыніц іанізуючага выпраменьвання;
- незалежнасць дзяржаўнага рэгулявання, кантролю і нагляду ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ад дзяржаўнага кіравання ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, крыніц іанізуючага выпраменьвання.
Асноўныя прынцыпы
Дзейнасць па выкарыстанні атамнай энергіі ў Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на прынцыпах:
- прыярытэту абароны жыцця і здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў грамадзян, аховы навакольнага асяроддзя перад усімі іншымі аспектамі дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі;
- забеспячэння перавышэння выгод для грамадзян i грамадства ад выкарыстання атамнай энергіі над шкодай, якая можа быць нанесена дзейнасцю па выкарыстаннi атамнай энергii;
- забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі;
- кампенсацыі шкоды, нанесенай шкодным уздзеяннем іанізуючага выпраменьвання або дзейнасцю па выкарыстаннi атамнай энергii;
- прадастаўлення поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, звязанай з дзейнасцю па выкарыстаннi атамнай энергii, калі гэтая інфармацыя не ўтрымлівае звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, ці не адносіцца да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана;
- забароны на вытворчасць ядзернай зброі і іншых ядзерных выбуховых прыстасаванняў.
Асноўнымі прынцыпамі забеспячэння радыяцыйнай бяспекі пры практычнай дзейнасці з'яўляюцца:
- прынцып нармавання – неперавышэнне дапушчальных межаў індывідуальных доз апраменьвання грамадзян ад усіх крыніц іанізуючага выпраменьвання;
- прынцып абгрунтавання – забарона ўсіх відаў дзейнасці па выкарыстанні крыніц іанізуючага выпраменьвання, пры якіх атрыманая для чалавека і грамадства карысць не перавышае рызыку магчымай шкоды, нанесенай перавышэннем натуральнага радыяцыйнага фону апрамянення;
- прынцып аптымізацыі – падтрыманне на дасягальна нізкім узроўні з улікам эканамічных і сацыяльных фактараў індывідуальных доз апраменьвання і колькасці асоб, якія апраменьваюцца пры выкарыстанні любой крыніцы іанізуючага выпраменьвання.
Ніжэй пералічаны асноўныя складнікі сістэмы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь.
Складнікі сістэмы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь
Прававая аснова. У Беларусі з апорай на дакументы МАГАТЭ, Расійскай Федэрацыі і іншых краін з развітай ядзернай энергетыкай ствараецца нацыянальная сістэма нарматыўна-прававога рэгулявання ў сферы выкарыстання атамнай энергіі, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, якая мае іерархічную структуру, прадугледжвае падпарадкаванне патрабаванняў дакументаў ніжэйшага ўзроўню адпаведным патрабаванням дакументаў вышэйшых іерархічных узроўняў (мае выгляд піраміды). Падрабязнасці пра яе глядзі ў раздзеле «Заканадаўства / Сістэма нарматыўна-прававога рэгулявання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі».
Інстытуцыянальная база. У 2007 годзе ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2007 г. № 565 “Аб некаторых мерах па будаўніцтве атамнай электрастанцыі” ў Беларусі створаны нацыянальны рэгулятар ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі – Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржатамнагляд). Акрамя Дзяржатамнагляду да забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі прыцягнуты шэраг іншых органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый. Іх функцыі выразна вызначаны і зафіксаваны ў дзеючым заканадаўстве. Падрабязнасці глядзі ў раздзеле «Сістэма ядзернай і радыяцыйнай бяспекі / Удзельнікі сістэмы».
Сістэма ўзаемадзеяння зацікаўленых. З улікам вялікай колькасці прыцягнутых да забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый адным з фактараў, якія вызначаюць эфектыўнасць работы, становіцца іх узаемадзеянне паміж сабой, якое выбудоўваецца зыходзячы з вопыту паўсядзённай сумеснай дзейнасці. Пры неабходнасці сістэма ўзаемадзеяння замацоўваецца дакументальна. Напрыклад, з мэтай забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі на этапе будаўніцтва АЭС прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 г. № 1791 “Аб стварэнні рабочай групы для каардынацыі ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю (нагляду) за будаўніцтвам атамнай электрастанцыі”, паколькі віды кантролю (нагляду), якія спатрэбяцца пры будаўніцтве АЭС, знаходзяцца ў розных органах дзяржаўнага кіравання, і стварэнне міжведамаснай рабочай групы дазволіць яго ажыццяўляць найбольш эфектыўна.
Назад