На сайт МНС

У Столінскім аграрна-эканамічным каледжы праведзена мерапрыемства па фарміраванні радыеэкалагічнай культуры

16

Мерапрыемства арганізавана Беларускім аддзяленнем Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (далей – БАРБІЦ) Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый па даручэнні Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйна-асветніцкая акцыя праведзена 12 чэрвеня ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Галіна Шугалевіч, начальнік сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Столінскага РАНС Аляксандр Сімончык, выкладчыкі і навучэнцы 1-га і 2-га курсаў каледжа.

Спачатку навучэнцы паглядзелі займальны відэаролік "Што такое радыяцыя". Потым перад аўдыторыяй выступіў начальнік БАРБІЦ Мікалай Барысевіч. Ён расказаў аб гераізме пажарных, якія ў ліку першых сталі на шляху вогненнай стыхіі, мерапрыемствах па ліквідацыі наступстваў у першыя дні і месяцы чарнобыльскай аварыі.

Была прадстаўлена інфармацыя аб бягучай постчарнобыльскай сітуацыі ў Столінскім раёне, які адносіцца да аднаго з трох найбольш пацярпелых раёнаў Брэсцкай вобласці. У зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем (шчыльнасць забруджвання цэзіем-137 ад 1 да 5 Кі/км2) размешчана 39 населеных пунктаў, уключаючы Столін, у зоне з правам на адсяленне – 3 населеных пункта (аг. Белавуша, в. Альманы, в. Усцімле).

Адзначана, што ў адрозненне ад сельскагаспадарчых зямель, на якіх ажыццяўляюцца ахоўныя мерапрыемствы, змяненне радыяцыйнай абстаноўкі ў лясных экасістэмах адбываецца толькі за кошт натуральных працэсаў. Па дадзеных Міністэрства лясной гаспадаркі, у 2023 г. у 20% даследаваных проб дзікарослых ягад і 40% проб грыбоў з зоны 1-5 Кі/км2 назіралася перавышэнне ўтрымання цэзію-137.

Цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства выклікала картасхема забруджвання цэзіем-137 Столінскага лясгаса, прыведзеная на яго афіцыйным інтэрнет-сайце. Так, у Кашара-Альманскім лясніцтве частка лясных кварталаў забруджана ад 5 да 15 Кі/км2.

Даведка.

Тэрыторыя ляснога фонду Столінскага лясгаса аднесена да зон радыёактыўнага забруджвання на плошчы 33 тыс. га або 35% агульнай плошчы лясоў. Найбольш забруджаны лясы Кашара-Альманскага, Церабежаўскага, Каладнянскага лясніцтваў. Збор грыбоў і ягад там непажаданы, альбо павінен праводзіцца з абавязковым радыёметрычным кантролем. Вызначаны месцы, дзе забаронены збор дароў лесу. На адкрытых месцах вывешаны аншлагі. Таму, збіраючыся ў лес, трэба высветліць радыяцыйнае становішча ў тым месцы, дзе плануецца збіраць грыбы і ягады. Неабходную інфармацыю можна атрымаць у лясгасе ці ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. У лясгасе працуе акрэдытаваны пост радыяцыйнага кантролю.

Не трэба набываць грыбы і ягады ў неадведзеных для гандлю месцах, уздоўж аўтамабільных трас, а таксама без дакументаў, якія пацвярджаюць іх радыяцыйную бяспеку.

Праверыць агародніну і жывёлагадоўчую прадукцыю з асабістых падсобных гаспадарак, а таксама дары лесу на ўтрыманне цэзію-137 жыхары раёна могуць у наступных арганізацыях: Столінскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі (вул. Гагарына, 5), раённай ветэрынарнай станцыі (вул. Церашковай, 4, Столінскім лясгасе (вул. Церашковай, 62), Палескім лясгасе (г. Давыд-Гарадок, вул. Калініна, 114).

У аграрна-эканамічны каледж перададзены шэраг тэматычных выданняў: інфармацыйна-аналітычны зборнік "Беларусь і Чарнобыль", памятка для насельніцтва "Вы збіраецеся ў лес…" (рэкамендацыі па карыстанні лясамі на тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання), выпускі інфармацыйнага зборніка па асновах радыяцыйнай бяспекі для дзяцей «Кропелька», брашура «Нерэальны свет. Чарнобыльскія міфы», памяткі «Студэнту на заметку. Лекару на нататку. Настаўніку на нататку. Адказы на чарнобыльскія пытанні» і іншыя матэрыялы.

Шукаць падобныя навіны:

Іншыя навіны

 

Моб. приложение
Моб. приложение
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Зачыніць

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть